Артыкул прысвечаны агляду літаратурных твораў, апублікаваных у газеце “Наша Ніва” ў 1912 г., з гледзішча рэдакцыйна-выдавецкай, або медыйнай, мадэлі выдання. Гэта мае быць скарыстаным для стварэння цэласнай карціны рэдакцыйнай працы нашаніўцаў на ўсім працягу іх дзейнасці — 1906–1915, 1920 гг. Акрэсліваюцца асноўныя відавыя і жанравыя кірункі тэкстаў мастацкага стылю, абіраных рэдакцыяй для стварэння зместу газеты, у сістэматызаваным выглядзе прыводзяцца назвы твораў, імёны аўтараў. Звернута ўвага на размяшчэнне твораў у межах паласы. Увага акцэнтуецца на паглыбленні працы з чытачом праз зварот да жанраў філасофскай, псіхалагічнай скіраванасці. Прыведзены меркаванні даследнікаў беларускай літаратуры датычна развіцця формаў, кірункаў, жанраў і агульнага стану літаратурнага працэсу ў пачатку ХХ ст. цягам нашаніўскага перыяду. Робяцца наступныя высновы: публікаванне літаратурных твораў малых формаў тлумачылася перадусім поліфункцыйнасцю выдання і адпаведнымі гэтаму патрабаваннямі да стварэння зместу; абраныя ў выніку жанры — абразок, мініяцюра, імпрэсія — паспрыялі развіццю не толькі літаратуры, але і чытацкай аўдыторыі, дзякуючы ўдумліваму падыходу нашаніўцаў да фармавання зместавага блоку мадэлі выдання.