Словаўтваральнае гняздо (СГ) – гэта сукупнасць слоў, аб’яднаных на падставе фармальнай і сэнсавай агульнасці кораня і ўпарадкаваных паводле словаўтваральна-матывацыйных сувязей. Непасрэдна ў вусным ці пісьмовым маўленні СГ не выдзяляюцца, яны з’яўляюцца даследчыцкімі пабудаваннямі і адносяцца да класіфікацыйных адзінак дэрывацыйнай сістэмы. У гэтых
складаных канструкцыях адлюстраваны ўсе заканамернасці сувязей адзінак словаўтварэння, лексікі і мовы ў цэлым. Менавіта таму, нягледзячы на пяцідзесяцігадовую гісторыю выкарыстання, гнездавы падыход да вывучэння дэрывацыйнай і лексічнай падсістэм мовы па-ранейшаму актуальны. У дадзеным артыкуле ажыццёўлена спроба разгляду СГ з зыходнымі тэмпаральнымі словамі ў сінхронна-дынамічным аспекце. З апорай на раней праведзенае даследаванне CГ, пабудаваных на моўным матэрыяле другой паловы ХХ ст., паказаны змяненні ў іх
фармальна-семантычнай арганізацыі, што адбыліся за апошнія гады ХХІ ст. Крыніцай выбаркі лексічных новаўтварэнняў паслужылі беларускамоўныя інтэрнэт-тэксты рознай жанравай прыналежнасці. Вызначана, што на сучасным этапе структура шэрагу СГ стала больш складанай у параўнанні з папярэднім перыядам. Разам з тым фактары, што ўплываюць на рэалізацыю дэрывацыйнага патэнцыялу зыходных слоў СГ, застаюцца нязменнымі: часцінамоўная і стылістычная прыналежнасць зыходнага слова, ступень яго ўжывання, паходжанне. Такая харак-
тарыстыка, як адназначнасць ці мнагазначнасць не з’яўляецца рэлевантнай для словаўтваральнай прадуктыўнасці зыходнага слова.