Адзначаецца актуальнасць мэтанакіраванай дзейнасці навукоўцаў па дасягненні эквівалентнасці перакладу з рускай мовы на беларускую тэрмінаў камп’ютарных тэхналогій (ТКТ). Апісваюцца праблемы, якія неабходна пераадолець для забеспячэння безбар’ернага выкарыстання беларускай мовы ў абазначанай сферы: адсутнасць сучасных спецыялізаваных перакладных руска-беларускіх і беларускамоўных тлумачальных слоўнікаў; прадстаўленасць ТКТ у абмежаванай колькасці ў акадэмічных тлумачальных слоўніках агульнаўжывальнай беларускай лексікі, а таксама ў агульных
перакладных руска-беларускіх слоўніках; варыянтнасць назвы і полінайменнасць аднаго і таго ж дэнатата ў беларускамоўных тэкстах. Звяртаецца ўвага на блок праблем, што ўзнікаюць пры перакладзе ТКТ з рускай мовы на беларускую пры дапамозе сістэм машыннага перакладу і падкрэсліваецца, што ўсе аўтаматычныя інструменты з’яўляюцца толькі дапаможнымі ў дзейнасці перакладчыка. Заключаецца, што камп’ютарныя тэхналогіі – гэта міждысцыплінарная і зменлівая прадметная вобласць,
паняційная база якой пастаянна пашыраецца, а таму патрабуе асаблівага падыходу да выпрацоўваемых тэрмінаў, і праблемы перакладу ТКТ з рускай мовы на беларускую могуць быць пераадолены праз сумесную працу лінгвістаў і спецыялістаў у галіне камп’ютарных тэхналогій.