Артыкул прысвечаны вывучэнню тыпалогіі беларускіх адукацыйных электронных выданняў арфаграфічнай тэматыкі. Адзначаецца, што на сучасным этапе адбываецца істотная трансфармацыя вучэбнай кнігі, а настаўнікі беларускай мовы і літаратуры актыўна ўдзельнічаюць у стварэнні мультымедыйных модуляў, адукацыйных элементаў, асобных выданняў для папулярызацыі беларускай мовы і яе правапісу. Матэрыялам для аналізу паслужылі даступныя ў Сеціве распрацоўкі, змешчаныя на сайтах навучальных устаноў, у блогах, якія вядуць педагогі, сацыяльных сетках. Даследаванне праводзілася з выкарыстаннем агульных метадаў навуковага пазнання: аналіз, назіранне, сінтэз, індукцыя, абагульненне, параўнанне; а таксама кнігазнаўчага сістэмна-тыпалагічнага метаду. Аўтар падрабязна аналізуе асобныя мультымедыйныя праекты з пункту погляду іх карыстальніцкага інтэрфейсу і дыдактычнага напаўнення, адзначае станоўчыя моманты і памылкі, што ўплываюць на ўспрыняцце праекта з боку карыстальнікаў. У заключэнні робіцца выснова адносна чытацкага адраса, функцыянальнага прызначэння і жанравай разнастайнасці аналізаваных праектаў, а таксама прапануюцца некаторыя рэдактарскія рэкамендацыі адносна канструявання падобнай выдавецкай прадукцыі.