Артыкул прысвечаны вывучэнню фанетычнай арганізацыі кансанантных спалучэнняў з пачатковымі звонкімі змычнымі гукамі ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Даследаванне праведзена на аснове 34 спецыяльна адабраных лексічных адзінак – кампазітаў і слоў з пабочным націскам. Выбраны лексічны матэрыял дэманструе ўсе магчымыя выпадкі спалучэння звонкіх змычных [б], [д] з наступнымі звонкімі, санорнымі і глухімі зычнымі ў становішчы сандхі. У выніку яго начытвання 100 носьбітамі беларускай літаратурнай мовы атрымана 3400 арфаэ-
пічных рэалізацый, якія падвергліся перцэптыўнаму аналізу і камп’ютарнай апрацоўцы. Інструментальная апрацоўка гукавых файлаў ажыццяўлялася з дапамогай прафесійнага аўдыярэдактара Sound Forge 7. Вывады пра асаблівасці рэалізацыі камбінаторных змен зычных зроблены на аснове слыхавога ўспрымання і даных акустычнага асцылаграфічнага аналізу (даўжыня гука і яго асобных сегментаў, структура гукавой хвалі). Паказана залежнасць арфаэпічнай арганізацыі даследаваных кансанантных спалучэнняў ад фанетычных (фанетычнае акружэнне зычнага, наяўнасць на сандхіяльным стыку шматкампанентных кансанантных груп, не характэрных для фанетычнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы), граматычных (ступень члянімасці і спосаб утварэння слоў) і лексічных (ступень засвоенасці слоў і частотнасць іх ужывання) фактараў.