Рытмічная арганізацыя мастацкага тэксту з’яўляецца адным з найважнейшых феноменаў сэнсавай сферы мовы. Рытмы маюць самастойныя семантычныя характарыстыкі і кваліфікуюцца як знакі пачуццяў, што не перадаюцца вербальна, аднак дастаткова поўна выражаюць унутраны стан чалавека, яго эмоцыі і ацэнкі. Сродкі стварэння рытму могуць быць разнастайнымі, яны маюць свабодны, нерэгулярны характар і ніколі не ператвараюцца ў аднастайную, стандартную метрычную схему. У рабоце прадстаўлены вынікі аналізу рытмікі паэмы ў прозе «Одзіум» беларускага пісьменніка Янкі Сіпакова. Аб’ектам даследавання сталі моўныя сродкі і прыёмы, якія праяўляюцца на разнастайных узроўнях рытмізацыі (фанетычным, лексічным, граматычным і структурна-кампазіцыйным). У якасці адметнасці рытмічнай арганізацыі паэмы «Одзіум» адзначана перавага ўласна сінтаксічных сродкаў рытмізацыі (сінтаксічнага паралелізму, анафары, эпіфары, сімплакі), а таксама тэндэнцыя да камбінаванага ўжывання сродкаў рытмізацыі розных узроўняў у межах адной рытмічнай адзінкі. На канкрэтных прыкладах паказана і даказана, што адзінства рытмічнага малюнка дазваляе надаць цэласнасць паэме ў прозе як твору спецыфічнага літаратурнага жанру, характэрнымі асаблівасцямі якога выступаюць фрагментарнасць, бессюжэтнасць, асацыятыўнасць.